Польскі эканамічны інстытут (PIE) паведамляе, што агульная вартасць украінскага рынку электрасетак вырасла ўтрая ў 2016-2023 гадах, а пасляваенная рэканструкцыя стварае магчымасці для польскіх кампаній. PIE рэкамендуе экспартаваць абсталяванне і павялічваць інвестыцыі ў будаўнічыя паслугі, – піша energetyka24.com.
У справаздачы «Перспектывы развіцця польскіх прадпрыемстваў падчас рэканструкцыі энергасістэмы Украіны», падрыхтаванай інстытутам, гаворыцца, што кошт шкоды ўкраінскім сеткам перадачы і размеркавання, нанесенай у выніку расійскага ўварвання, складае больш за 2,6 млрд долараў. Знішчэнне ўкраінскіх сетак значна паспрыяла павелічэнню аб'ёму дзяржзакупак у гэтым сектары, у 2016-2023 гадах іх агульны кошт павялічыўся з 93,9 да 299,1 млн еўра ў год.
Паводле PIE, польскія кампаніі маюць канкурэнтныя перавагі, якія могуць дазволіць ім развівацца на ўкраінскім рынку. Польскія прадпрыемствы маюць перавагу ў рэнтабельнасці продажаў у сферы будаўніцтва і тэхнічных паслуг, якая ў Польшчы ў 2022 годзе была ў 6 разоў вышэйшай, чым ва Украіне.
Паводле PIE, у кароткатэрміновай перспектыве экспарт ва Украіну тэхнічнага абсталявання ў сферы электрасетак павінен быць галоўнай мэтай для польскай прамысловасці з-за меншых аперацыйных і фінансавых рызык, чым у выпадку экспарту паслуг, у тым ліку будаўнічых работ.
эж